У Бяла-Падляска забаранілі выставу беларускіх мастакоў

Міхаіл Гулін «Пераможцы дабра»

Антаніна Слабодчыкава, з цыклу «Яно тут» 2010

Сяргей Бабарека «Carthago», праект аб’екту, 2013

8 лістапада ў галерэі Падляскай (galeria Podlaska) (Бяла-Падляска, Польшча) павінна была адкрыцца выстава беларускіх мастакоў «Рэальнасць гульні», паведамляе куратарка выставы з беларускага боку Вольга Маслоўская.

Да ўдзелу былі запрошаныя: Антаніна Слабодчыкава (калажы з цыклу «Яно тут» 2010), Міхаіл Гулін («Дошка пашаны. Пераможцы дабра», аб’ект), Аляксей Лунёў («Мяса», відэа 2010), Сяргей Бабарека («Carthago», праект аб’екту, 2013), група «Бергамот» («Арганічнае жыццё», 2012, дакументацыя перформансу).

За тыдзень да адкрыцця выставы каардынатар з боку галерэі даслаў паведамленне, што

выстава не можа быць у іх паказана па «побытавых» і палітычных, што выклікала глыбокае здзіўленне ўсіх удзельнікаў выставы. Паколькі амаль усе прапанаваныя на дадзеную выставу працы ўжо неаднаразова былі паказаны ў Беларусі (!), Літве і Польшчы на прэстыжных выставах і падобных папрокаў у іх адрас ніколі не гучала.

Куратарка і мастакі перакананыя, што такія прэтэнзіі некарэктныя і беспадстаўныя, а такая цэнзура з боку галерэі ў Бялай Падлясцы выклікае непакой.

«Мы спадзяемся, што такую неадэкватную рэакцыю галерэі выклікаў шэраг выпадковых супадзенняў і непаразуменняў падчас перамоваў з галерэяй і беларускім консульствам у Бялай Падлясцы, з якім galeria Podlaska падтрымлівае блізкі кантакт, а не нечакана жорсткая для дэмакратычнай дзяржавы цэнзура і невытлумачальна раптоўнае зніжэнне кампетэнцыі работнікаў гэтага раней паважанага ўстановы», — каментуе Вольга Маслоўская

Прэс — реліз выставы «Рэальнасць гульні»:

«Нянавісць — каса з жахлівым лязом, якую носіць Сталкер». Унутранае апісанне гульні. «Сталкер» — чалавек, які займаецца даследаваннем небяспечных аб’ектаў і тэрыторый. «S.T.A.L.K.E.R. — назва выдуманага сусвету, які створаны на аснове аповесці «Пікнік на абочыне» братоў Стругацкіх і рэальнай Чарнобыльскай зоны«. WikipediA

Прадстаўнікі псіхааналізу звязваюць нянавісць, агрэсію, жорсткасць , страх , фрустрацыю, псіхічны дыскамфорт з праявай у чалавеку «цягі да смерці». Гэтыя і іншыя ахоўныя рэакцыі характэрныя для тэрыторыі цяперашняй Беларусі з-за геаграфічных , гістарычных і сацыяльных прычынаў.

Гэтая выстава — спроба асэнсаваць такі дэструктыўны складнік нашай спадчыны, спроба выкарыстоўваць яго патэнцыялы і эфекты ў канструктыўных, стваральных і творчых мэтах.

«Нянавісць — пачуццё; як і многія пачуцці, ахоўная рэакцыя арганізма пры канфлікце установак, прызначаная для пераадолення рацыянальнага канфлікту ірацыянальным шляхам. Напрыклад, любоў прызначаная для пераадолення канфлікту паміж устаноўкай на працяг роду і устаноўкай на зберажэнне сіл і спакойнае жыццё; нянавісць прызначаная для пераадолення канфлікту паміж гуманнасцю і відавочнай мэтазгоднасцю негуманнага ўчынку». (браты Стругацкія)

Даследнікі чалавечай агрэсіўнасці і дэструкцыйнасці падзяляюцца на прыхільнікаў дзвюх дыяметральна процілеглых тэорый: тэорыі выхавання, згодна з якой чалавечы статус вызначаецца не нейкімі прыроджанымі альбо натуральнымі фактарамі, а цалкам залежыць ад абставінаў грамадскага жыцця; і заснаванага на дарвінізме вучэння аб інстынктах, тэорыі інстынктаў.

Супрацьстаянне паміж імі выглядае як «прырода АЛЬБО выхаванне», «інстынкт АЛЬБО асяроддзе».

Місія мастака (у нашым выпадку Сталкера) у гэтай сітуацыі — зазірнуць па «той бок» утворанага разрыву прычын і следстваў і выявіць тое, што ўбачыў.

Крыніца // Вольга Маслоўская, facebook


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology